ПОСТІНДУСТРЫЯ́ЛЬНАЕ ГРАМА́ДСТВА,

фаза гіст. развіцця, якая прыходзіць на змену індустрыяльнаму грамадству. Характарызуецца трансфармацыяй усіх форм грамадскага жыцця на базе навук.-тэхн. рэвалюцыі; асаблівая роля адводзіцца інфармацыі, навуцы і кіраванню. Тэарэтычна абгрунтавана ў 1970-я г. ў працах амер. сацыёлагаў і палітолагаў Д.​Бела, З.​Бжазінскага (тэорыя тэхнатроннага грамадства), Р.​Дарэндорфа (посткапіталіст. прамысл. грамадства), А.​Тофлера (звышіндустр., інфарм. грамадства), франц. вучоных А.​Турэна, Ж.​Фурасцье і інш. Асн. прыкметы П.г.: стварэнне эканомікі паслуг, дамінаванне слоя навук.-тэхн. спецыялістаў, цэнтр. роля тэарэт. ведаў як крыніцы новаўвядзенняў і паліт. рашэнняў. На сучасным этапе развіцця П.г. вылучаюць неатэхнакратычную і гуманітарна-экалагічную пазіцыі, збалансаванасць якіх з’яўляецца гал. умовай развіцця грамадства.

В.​В.​Краснова.

т. 12, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)